Вы ўжо здалі DNA-тэст у AncestryDNA, MyHeritage, 23andMe, FamilyTreeDNA ці Living DNA?
Не спыняйцеся на выніках той кампаніі, дзе праходзілі тэст.
GEDmatch дазваляе загрузіць raw DNA і параўноўваць ваш набор зь людзьмі, якія тэставаліся ў іншых кампаніях. Вы можаце быць на Ancestry, а патэнцыйны сваяк — на MyHeritage. Калі абодва файлы ляжаць на GEDmatch, наборы параўноўваюцца між сабою.
Але простая загрузка — толькі першы крок. Сапраўдная карысьць пачынаецца тады, калі набор бачны іншым генэалёгам, падпісаны прозьвішчам і месцам, прывязаны да дрэва, а ў заяўцы ў Ancestor Project напісана, якая менавіта лінія ў яго ўваходзіць. Іначай вы атрымліваеце яшчэ адзін доўгі сьпіс супадзеньняў і не разумееце, зь якой галіны сям’і ён прыйшоў.
Коратка: raw DNA → правільна запоўнены kit → GEDCOM → Ancestor Project → супадзеньні → сэгмэнты → агульны продак → дакумэнты.
Рэгістрацыя бясплатная. GEDmatch проста апісвае сябе як бясплатную генэалягічную DNA-базу. Платныя інструмэнты Tier 1 для загрузкі і для ўступу ў праект не патрэбныя. Яны маюць сэнс пазьней, калі ўжо ёсьць дрэва і некалькі супадзеньняў, зь якімі ёсьць пра што працаваць.
Мэню на сайце час ад часу пераймяноўваюць, таму ніжэй няма інструкцыі кшталту «націсьніце аловак справа». Сэнс крокаў трывалейшы за подпісы: сыры файл, апрацоўка да сутак, як мага болей зьвестак пра набор, сьвядомы рэжым бачнасьці, дрэва зь месцамі, заяўка з канкрэтнай лініяй. Рэжымы бачнасьці зьвераныя са старонкамі прыватнасьці і з правіламі сайта.
З чаго складаецца сэрыя
Адзін артыкул на ўсе гэтыя крокі атрымліваецца занадта доўгім. Таму наладка раскладзеная на пяць тэкстаў. Кожны можна чытаць асобна, але толк яны даюць па парадку.
- Сыры файл: адкуль спампаваць і як загрузіць. Што менавіта грузіць, чаму Excel псуе файл, чаму адзін чалавек — гэта адзін kit, і чый DNA наагул можна загружаць.
- Профіль, бачнасьць і GEDCOM. Як падпісаць набор, каб незнаёмы чалавек зразумеў, каго шукаць, якую бачнасьць абраць і як прывязаць DNA да правільнага чалавека ў дрэве.
- Ancestor Projects: як уступіць і што пісаць адміністратару. Навошта праект пры сьпісе ў тысячы супадзеньняў і які тэкст заяўкі адміністратару ёсьць куды пакласьці.
- Як абраць Ancestor Project. Адзін kit у некалькіх праектах: шырокі Belarus, гістарычная тэрыторыя ці канкрэтны раён.
- Супадзеньні, сэгмэнты, ліст. Што глядзець пасьля ўхваленьня, як не прыняць суму сантыморганаў за даведзенага продку і як пісаць чалавеку, зь якім вы супалі.
Калі вы прыйшлі з апісаньня праекта і вам патрэбны кароткі шлях да заяўкі, ёсьць асобная старонка: DNA-тэст ужо ёсьць. 15 хвілінаў да Ancestor Project Belarus.
Парадак, у якім гэта працуе
DNA-тэст
↓
raw DNA
↓
адзін kit на чалавека
↓
бачнасьць для генэалёгаў
↓
аліяс, кампанія, пол, месцы, прозьвішчы
↓
GEDCOM на таго, хто здаваў тэст
↓
Ancestor Project і канкрэтная лінія
↓
One-to-Many, потым One-to-One
↓
сэгмэнт, дрэвы, геаграфія, архіў
↓
агульны продак
Гэта ўжо не «заліць файл і паглядзець адсоткі». Гэта генэалягічнае дасьледаваньне, у якім DNA — яшчэ адна крыніца, побач з мэтрыкай і рэвізіяй.
Чэк-ліст: наладку можна лічыць скончанай
DNA
- Загружаны зыходны файл, не PDF і не справаздача пра этнічнасьць
- Набор апрацаваны
- Той самы чалавек не загружаны другі раз
- Пол пазначаны ў таго, хто здаваў тэст
- Пазначаная кампанія тэсту
Профіль
- У аліясе ёсьць прозьвішча і месца
- Геаграфія напісаная і па-гістарычным, і па-сучасным
- Побач стаяць варыянты напісаньня прозьвішча
- Гаплягрупы пазначаныя толькі калі яны вядомыя з тэсту
Бачнасьць
- Вы самі абралі Public, Personal Research ці Private і разумееце, што з гэтага вынікае
- Зразумелая розьніца Opt-In і Opt-Out, у тым ліку тое, што пры Opt-Out параўнаньне зь неапазнанымі парэшткамі можа заставацца
Дрэва
- Загружаны GEDCOM
- Жывыя схаваныя яшчэ да выгрузкі
- Kit прывязаны да карткі таго, хто здаваў тэст
Праекты
- Праекты шукалі па прозьвішчы, краі і гістарычным рэгіёне, не толькі па сучаснай краіне
- У праект ідзе kit таго боку сям’і, які праект вывучае
- У заяўцы названыя канкрэтны продак, месца і прозьвішчы лініі
Разбор
- Адкрыты One-to-Many
- Цікавыя супадзеньні правераныя ў One-to-One
- Калі загружаныя сваякі, супадзеньні параўноўваюцца і зь імі
- Сэгмэнты супастаўленыя з дрэвамі і дакумэнтамі
Калі вашы продкі зь Беларусі
Беларуская генэалёгія рэдка зьмяшчаецца ў сучасныя межы. Адзін і той самы продак мог жыць у Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расейскай імпэрыі, у міжваеннай Польшчы, у БССР і ў сучаснай Беларусі. Чалавек шукае яго сёньня як Belarusian, а дакумэнт ляжыць у архіве, які дасьледнік адкрые ўжо як летувіскі, польскі ці ўкраінскі.
Менавіта таму я вяду на GEDmatch Ancestor Project Belarus. Ідэя простая: сабраць у адным месцы людзей, чые продкі зьвязаныя з тэрыторыяй сучаснай Беларусі, і глядзець агульныя DNA-сэгмэнты ўнутры гэтай групы. Колькасьць удзельнікаў сама па сабе мала што дае. Цікавасьць пачынаецца, калі сэгмэнт можна пакласьці побач з прозьвішчам, вёскай, дрэвам і архіўнай справай.
Калі вы якраз адтуль і хочаце спачатку зразумець, ці гатовы ваш набор да заяўкі, пачніце з кароткай старонкі. Поўная наладка — чатыры артыкулы вышэй.