Heritavia · Нататкі

Ancestor Projects: як уступіць і што пісаць адміністратару

Праект звужае тысячы супадзеньняў да людзей, якія самі заявілі тое самае прозьвішча, той самы край ці тую самую лінію.

Сэрыя. Агляд · 1. Файл · 2. Профіль · 3. Праекты · Выбар · 4. Супадзеньні

Ancestor Project — група людзей на GEDmatch, якіх зьвязвае прозьвішча, род, вёска, геаграфічны рэгіён, гістарычная тэрыторыя ці адна сямейная лінія. Яны хочуць разьбіраць гэтую сувязь разам, а не паасобку праглядаць увесь сайт.

Назва функцыі на сайце — Ancestor Projects. Гэта не праекты Ancestry.com. Блытаніна тут частая, і празь яе людзі шукаюць не ў тым месцы.

Навошта праект, калі супадзеньняў і так тысячы

Уявім, што ў вас 20 000 патэнцыйных DNA matches. Гэта вялізны сьпіс. Вас пры гэтым цікавіць канкрэтная лінія: прадзед, Пінскі павет, XIX стагодзьдзе.

Калі ў Ancestor Project сабраныя людзі, якія самі заявілі сувязь з гэтым прозьвішчам ці з гэтым краем, вы атрымліваеце значна цікавейшую выбарку. GEDmatch дазваляе выкарыстоўваць праект як падмноства вашых matches і шукаць сэгмэнты менавіта сярод удзельнікаў. Так уладкаваны разбор у матэрыяле сайта пра пошук сэгмэнтаў.

усе matches на GEDmatch
        ↓
Ancestor Project
        ↓
людзі з патрэбнай сямейнай ці геаграфічнай сувязьзю
        ↓
агульныя сэгмэнты
        ↓
гіпотэза пра агульнага продку

У гэтым і ёсьць практычная каштоўнасьць праектаў. Не ў тым, што «вас прынялі ў групу», а ў тым, што доўгі сьпіс звужаецца да людзей, якія ўжо назвалі той самы край ці тое самае прозьвішча.

«Уся радаводная» ў адзін праект не кладзецца. У кожны праект уваходзіць продак гэтага праекта.

Як знайсьці патрэбны праект

Для праекта Belarus шлях на сайце такі: Home → Free Tools → Ancestor Projects. На старонцы, якая адкрылася, абярыце ўкладку Search Projects і ў полі Search увядзіце Belarus. У радку праекта націсьніце зялёную кнопку JOIN.

Мэню GEDmatch: Home, Free Tools, у сьпісе пункт Ancestor Projects
Мал. 1. Home → Free Tools → Ancestor Projects.
GEDmatch Ancestor Projects: укладка Search Projects, у полі Search уведзена Belarus, у сьпісе праект Belarus і зялёная кнопка JOIN
Мал. 2. Search Projects, у полі Search — Belarus. Зялёная JOIN адкрывае форму заяўкі.

Калі вы прыйшлі па простай спасылцы, шукайце менавіта тую назву, якая ў ёй напісаная. Так хутчэй, чым перабіраць суседнія групы наўгад.

Не шукайце толькі па сучаснай краіне. Калі продкі жылі на беларускіх землях, мае сэнс праверыць розныя словы, бо праекты заводзяць па розных прынцыпах: па краіне, па губэрні, па мясцовасьці, па прозьвішчы, па адной галіне.

Belarus Belarusian Minsk Polesie Pinsk Vitebsk Vilna Lithuania Poland

Гістарычныя межы мяняліся. Праект, які вам патрэбны, можа называцца не так, як сучасная вобласьць у пашпарце. Калі праектаў некалькі, які ўжо браць, а які пакінуць шырокім: як абраць Ancestor Project.

Знайдзіце праект і націсьніце Join. Заяўку пацьвярджае адміністратар, не робат. Ліст шукайце ва ўваходных і ў спаме. Калі кнопкі ўступу на радку не відаць, у картцы праекта звычайна пазначана, як напісаць адміністратару: пошта, сайт ці група. Подпісы калёнак на сайце мяняюцца, сэнс застаецца.

У заяўцы адзначайце нумар таго набору, які да праекта адносіцца. Калі на акаўнце некалькі чалавек, не адзначайце ўсіх запар. Адміністратар мусіць бачыць аднаго чалавека і адну лінію, а не ўсю сям’ю скопам.

Што пісаць у заяўцы

Найважнейшая частка пачынаецца пасьля кнопкі Join. Адкрываецца форма. Запоўніце яе сваімі зьвесткамі па-ангельску ці лацінкай, як на мал. 3: у першым полі — продак, прыблізны час і месца; у другім — іншыя праекты і форумы, калі вы ў іх удзельнічаеце; ніжэй адзначце kit той лініі, якая адносіцца да праекта. Кірыліца ў гэтых палях у адміністратара ператвараецца ў знакі пытаньня.

Форма GEDmatch Project Membership Application: палі лацінкай і выбар kit
Мал. 3. Форма заяўкі. Свае зьвесткі — па-ангельску ці лацінкай.

Адміністратару трэба паказаць, якая менавіта лінія вашых продкаў адносіцца да праекта.

Кепскі варыянт:

My ancestors were from Belarus.

Яшчэ горшы:

I am looking for relatives.

«Беларусь», «Польшча», «шукаю сваякоў» адміністратару няма чаго класьці на галіну. Ён не разумее, якога продку вы прыносіце ў праект.

Добры варыянт называе чалавека, прыблізны час, месца і прозьвішчы гэтай лініі, а яшчэ тлумачыць, чый гэта kit:

Father's line.

Ivan Ivanov, born around 1860,
Such-and-such village, Such-and-such parish,
Pinsk district, Minsk Governorate.

Surnames on this line:
Ivanov, Petrov, Petrashkevich / Pietraszkiewicz.

This GEDmatch kit belongs to me.
My father has not been DNA tested.
Kit: AB1234567

У заяўцы на далучэньне пішыце толькі па-ангельску ці лацінкай, бо замест тэксту на кірыліцы ў адміністратара паказваюцца адны знакі пытаньня.

Лепей не капіяваць адзін і той самы абзац ва ўсе праекты. Калі вы ўступаеце ў праект па прозьвішчы, пішыце пра прозьвішча. Калі ў рэгіянальны — пра рэгіён і пра тую лінію, якая да яго адносіцца. Калі ў праект канкрэтнай сямейнай галіны — пра гэтую галіну. Адзін тэкст «пра ўсю радаводную» ва ўсіх заяўках адміністратар не разьбярэ.

Калі тэставаў бацька

Гэта вельмі карысная сытуацыя, і яе часта прапускаюць.

Вы вядзеце продкаў з Пінскага павету па бацьку. Бацька таксама здаў DNA-тэст. Для праекта, прысьвечанага бацькоўскай лініі, яго kit інфарматыўнейшы за ваш: ваш DNA зьмяшчае сумесь бацькоўскага і матчынага бакоў. Набор бацькі для геаграфічнага праекта карысьнейшы. Уступайце яго нумарам і так проста і напішыце.

Калі бацька не тэставаўся, уступайце сваім kit і напішыце гэта ў заяўцы, як у шаблёне вышэй. Адміністратар тады ня будзе чакаць другога нумара. Дзіцячы набор можна дадаць другім радком, з пазнакай, чый ён.

Калі тэставалі некалькіх сваякоў

Дапусьцім, на GEDmatch ёсьць вы, бацька, цётка і стрыечны брат. Цяпер можна пытацца ня толькі «хто супадае са мною», але і «хто супадае са мною і з бацькам» ці «хто супадае са мною і з цёткай».

Некалькі вядомых сваякоў з таго самага куста мацнейшыя за адзін доўгі сьпіс. Калі брат, цётка ці стрыечны ўжо здавалі тэст, хай загрузяць файл тым самым парадкам і ўступяць сваім нумарам. Два наборы з ужо вядомай папяровай сувязьзю дазваляюць аддзяліць агульны сэгмэнт лініі ад выпадковага.

Як потым гэтыя супадзеньні чытаць, разгледжана ў наступным артыкуле.

Чаму гэта асабліва прыкметна на беларускіх землях

Адзін і той самы продак мог жыць у Вялікім Княстве Літоўскім, у Рэчы Паспалітай, у Расейскай імпэрыі, у міжваеннай Польшчы, у БССР і ў сучаснай Беларусі. Сёньня яго шукаюць як Belarusian, а мэтрыка ляжыць у фондзе, які сучасны дасьледнік адкрые ўжо як Летуву, Польшчу ці Ўкраіну.

Таму я разьвіваю Ancestor Project Belarus. Ідэя ў тым, каб сабраць людзей, чые продкі зьвязаныя з тэрыторыяй сучаснай Беларусі, і глядзець агульныя сэгмэнты ўнутры гэтай групы, а потым класьці іх побач з прозьвішчамі, вёскамі і архіўнымі дакумэнтамі. Для мяне каштоўнасьць праекта не ў ліку ўдзельнікаў. Яна ў тым, што геаграфічная група становіцца працоўнай выбаркай, а не яшчэ адным агульным сьпісам.

Кароткая падрыхтоўка набору да заяўкі ў гэты праект: 15 хвілінаў.

Уся сэрыя Усе запісы Замовіць стратэгію