Сэрыя. Агляд · 1. Файл · 2. Профіль · 3. Праекты · Выбар · 4. Супадзеньні
Вы ўжо здалі тэст у AncestryDNA, MyHeritage, 23andMe, FamilyTreeDNA ці Living DNA. Гэтага дастаткова, каб пачаць. Асобны тэст «для GEDmatch» купляць не трэба.
GEDmatch параўноўвае сырыя файлы розных кампаніяў у адным сьпісе. Ancestor Project Belarus звужае гэты сьпіс да людзей, якія самі зьвязалі сваіх продкаў з тэрыторыяй сучаснай Беларусі. Толк зьяўляецца, калі ваш набор бачны іншым, падпісаны прозьвішчам і месцам, і ў заяўцы напісана, якая менавіта лінія ў яго ўваходзіць.
Ніжэй — мінімум, зь якім ужо можна падавацца. Мэню на сайце часам называюць іначай. Сэнс крокаў той самы.
Спампуйце зыходны файл
Патрэбны raw DNA, не PDF з этнічнасьцю і не скрыншот вынікаў.
- AncestryDNA. DNA → Settings → Download DNA Data. У архіве ляжыць тэкставы файл. Загружайце яго.
- 23andMe. Settings → 23andMe Data → Download Raw Data. Файл рыхтуюць не адразу, спасылка прыходзіць на пошту.
- MyHeritage. DNA → Manage DNA kits → мэню набору → Download raw DNA data.
- FamilyTreeDNA. Спампоўвайце Family Finder. Y-DNA і мітахандральны тэст аўтасомны набор не замяняюць.
- Living DNA. Сыры файл з акаўнта кампаніі.
Файл не адкрывайце ў Excel і не перазахоўвайце. Табліца псуе слупкі, і загрузка потым падае без зразумелай памылкі.
Адзін чалавек — адзін файл. Калі той самы raw DNA ўжо ляжыць на MyHeritage ці FTDNA, на GEDmatch ён патрэбны адзін раз. Другі набор таго самага чалавека ў праекце выглядае як блізнюк. А вось kit бацькі, маці ці стрыечнага — гэта іншыя людзі, і для праекта яны часта карысьнейшыя за ваш: ваш DNA напалову іншы бок сям’і.
Чужы файл загружайце толькі калі гэты чалавек дазволіў менавіта GEDmatch, вы ягоны апекун, ці чалавек памёр. «Я і так вяду яго радаводную» дазволам не лічыцца. Як гэта сфармулявана ў GEDmatch.
Падпішыце набор так, каб па ім шукалі
Рэгістрацыя на gedmatch.com бясплатная. Пасьля загрузкі захавайце нумар kit. Поўная апрацоўка можа заняць да сутак. Няма супадзеньняў праз дзесяць хвілінаў — гэта не памылка. Пачакайце, пакуль набор апрацуецца: да гэтага адміністратар ня ўбачыць вас у параўнаньнях.
Аліяс пішыце лацінкай, каб незнаёмы чалавек зразумеў, каго шукаць. Кірыліцу ў сьпісе супадзеньняў часта не прачытаюць:
Khoruzhko, Pinsk, Rakow, Logoisk
DNA123, Kit1 і голае імя для праекта бескарысныя.
Пазначце кампанію тэсту. Супадзеньню трэба ведаць, дзе ў вас дрэва: на Ancestry, MyHeritage ці FamilyTreeDNA. Пол стаўце таго, хто здаваў тэст, не свой, калі вы загружаеце бацьку ці маці. Гаплягрупу пішыце толькі калі яна вядомая з тэсту. Пустое поле тут правільнае. Угаданая гаплягрупа горшая за пустую.
Для праекта патрэбныя публічныя рэжымы: Public + Opt-In ці Public + Opt-Out. Абодва бачныя генэалёгам. Розьніца тычыцца дадатковых параўнаньняў GEDmatch PRO, не звычайнага пошуку сваякоў. Пры Opt-Out набор усё ж можа ўдзельнічаць у пошуку неапазнаных парэшткаў. Personal Research і Private заяўку абясцэньваюць: праект вас не знаходзіць. Рэжымы апісаныя на старонцы прыватнасьці.
Калі дрэва ўжо ёсьць, выгрузіце GEDCOM і схавайце жывых яшчэ да выгрузкі. Kit прывяжыце да карткі таго, хто здаваў тэст. У месцах пішыце і гістарычную назву, і сучасную: вёска, воласьць, павет, губэрня, потым раён і вобласьць. Ivan Ivanov амаль нічога не кажа. Ivan Ivanov, about 1860, Pinsk district, Minsk Governorate ужо кажа, які фонд адкрываць.
У заяўцы назавіце адну лінію
Шлях на сайце: Home → Free Tools → Ancestor Projects. Адкрыйце ўкладку Search Projects і ў полі Search увядзіце Belarus. У радку праекта націсьніце зялёную кнопку JOIN.
Запоўніце форму сваімі зьвесткамі па-ангельску ці лацінкай, як на мал. 3: у першым полі — продак, прыблізны час і месца гэтай лініі, не ўсё дрэва; у другім — іншыя праекты і форумы, калі вы ў іх удзельнічаеце; ніжэй адзначце kit гэтай лініі. Кірыліца ў адміністратара ператвараецца ў знакі пытаньня.
Father's line.
Ivan Ivanov, born around 1860,
Such-and-such village, Such-and-such parish,
Pinsk district, Minsk Governorate.
Surnames on this line:
Ivanov, Petrov, Petrashkevich / Pietraszkiewicz.
This GEDmatch kit belongs to me.
My father has not been DNA tested.
Kit: AB1234567
Калі край у праекце бацькоўскі, а тэст ёсьць і ў бацькі, уступайце яго нумарам і так і напішыце. Ваш набор напалову іншы бок.
Слова Belarus у заяўцы мала што дае. Межы гэтага краю ў дакумэнтах іншыя: Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя, міжваенная Польшча, БССР. Адміністратару патрэбныя месца і прозьвішча, каб пакласьці ваш kit на канкрэтную галіну. У гэтым і сэнс праекта: агульныя сэгмэнты ўнутры геаграфічнай групы, а потым прозьвішчы, вёскі і архіў. Не яшчэ адзін агульны сьпіс на ўвесь сайт.
Калі захочаце разабрацца глыбей
Тут толькі шлях да заяўкі. Як уладкаваная загрузка, профіль, дрэва, тэкст для іншых праектаў і чытаньне сэгмэнтаў — у чатырох артыкулах: файл, профіль і дрэва, заяўка, супадзеньні і ліст. З чаго пачаць і чым праверыць, што наладка скончаная: агляд.