Heritavia · Нататкі

Сыры файл: адкуль спампаваць і як загрузіць на GEDmatch

На GEDmatch патрэбны зыходны файл генатыпаваньня. PDF, этнічнай справаздачы і скрыншота сайт не параўноўвае.

Сэрыя. Агляд · 1. Файл · 2. Профіль · 3. Праекты · Выбар · 4. Супадзеньні

Вам патрэбны raw DNA file, гэта значыць зыходны файл генатыпаваньня. Менавіта яго GEDmatch умее параўноўваць зь іншымі людзьмі.

Не PDF з вынікамі.

Не справаздача пра этнічнае паходжаньне.

Не скрыншот з асабістага кабінэту.

Не мэдычная справаздача.

Кампанія, дзе вы здавалі тэст, аддае гэты файл асобна. Пакуль на кампутары ляжыць толькі прыгожая справаздача, загружаць на GEDmatch яшчэ няма чаго.

Адкуль яго спампоўваць

Шлях у кабінэце ў кожнай кампаніі свой, але ўсюды гэта адзін і той самы тып файла: тэкст з генатыпамі, а не аповед пра адсоткі.

AncestryDNA. У акаўнце: DNA → Your DNA Results Summary → Settings → Download DNA Data. Спасылка зь ліста жыве нядоўга, таму спампоўвайце файл адразу. У архіве ляжыць тэкст. На GEDmatch загружайце яго, не суправаджальную справаздачу. У GEDmatch ёсьць свая інструкцыя для AncestryDNA.

23andMe. Звычайна: Settings → 23andMe Data → Download Raw Data. Файл рыхтуюць не адразу. Спасылка прыходзіць на пошту, часам праз некалькі гадзінаў. Пакуль ліста няма, гэта не памылка загрузкі на GEDmatch: файла ў вас яшчэ проста няма.

MyHeritage. DNA → Manage DNA kits → мэню патрэбнага набору → Download raw DNA data. Інструкцыя GEDmatch для MyHeritage.

FamilyTreeDNA. Для звычайнай аўтасомнай генэалёгіі патрэбны Family Finder. Y-DNA і мітахандральны тэст — іншыя тыпы дасьледаваньня. Яны не замяняюць аўтасомны набор і як звычайны файл для matching не падыдуць. Як GEDmatch апісвае загрузку Family Finder.

Living DNA. Сыры файл спампоўваецца з акаўнта кампаніі і потым загружаецца на GEDmatch. Асобная старонка GEDmatch.

Генатэк, Атлас і іншыя клінічныя панэлі GEDmatch звычайна не прымае. Чып і фармат там іншыя. Канвэртаваць такі файл уручную ня варта: параўнаньне выйдзе сьмецьцем, а выглядаць будзе як сапраўдны набор.

Ніколі не адкрывайце raw DNA у Excel

Raw DNA — структураваны тэкставы файл. У ім слупкі, радкі і загаловак, якія сайт чытае як ёсьць.

Ня трэба адкрываць яго ў Excel, сартаваць, мяняць калёнкі, выдаляць «лішнія» радкі і захоўваць наноў у надзеі паправіць фармат. Табліца псуе слупкі. Пасьля гэтага загрузка падае, часта без зразумелай памылкі, і здаецца, што зламаўся GEDmatch.

Калі задача — загрузіць DNA, выкарыстоўвайце арыгінальны файл, які вы спампавалі ў кампаніі.

Адзін чалавек — адзін kit

Калі вы ўжо загрузілі свой файл AncestryDNA, не трэба загружаць яго яшчэ раз толькі таму, што той самы файл ляжыць у вас на MyHeritage ці FamilyTreeDNA. Гэта ўсё той самы чалавек і той самы DNA-профіль.

AncestryDNA
    ↓
raw DNA
    ↓
GEDmatch
    ↓
адзін kit

Другі набор таго самага чалавека супадае сам з сабою амаль цалкам. У праекце гэта выглядае як блізнюк, хоць ніякага другога сваяка няма.

Іншая рэч, калі тэст здавалі розныя чальцы сям’і. У кожнага тады свой kit, і гэта якраз вельмі карысна.

ваш kit
    +
kit бацькі
    +
kit маці
    +
kit стрыечнага сваяка

Такі набор дазваляе зразумець, зь якога боку сям’і прыйшло канкрэтнае супадзеньне. Адно супадзеньне «са мною» яшчэ нічога не кажа пра галіну. Супадзеньне са мною і з бацькам ужо адносіць чалавека да бацькоўскага боку.

Калі DNA-набораў становіцца некалькі, завядзіце асобную табліцу. Іначай праз паўгода нумары пераблытаюцца, і ў праект пойдзе не той kit.

KitЧалавекТэстЛініяРэгіёнProjects
AB1234567выAncestryDNAбацькаМеншчынаBelarus
CD7654321бацькаMyHeritageбацькаПухавічыBelarus

Нумары ў табліцы — узор таго, як яны выглядаюць. Гэта не жывыя наборы.

Чый файл можна загружаць

Гэта месца, на якім часьцей за ўсё памыляюцца з найлепшых памкненьняў.

GEDmatch проста пазначае, чый DNA можна загружаць: свой; чалавека, для якога вы законны апекун; чалавека, які даў вам канкрэтны дазвол; чалавека, які вам вядомы як памёрлы; у асобных умовах — DNA з рэчы, што належала памёрламу. Падрабязнасьці — у палітыцы прыватнасьці.

Таму файл сваяка ня варта загружаць проста таму, што «гэта мой бацька, я ж і так вяду яго генэалёгію». Для жывога чалавека патрэбны дазвол менавіта на GEDmatch. Набор дзіцяці не загружаюць «заадно».

Акаўнт, нумар і чаканьне

Зарэгіструйцеся на gedmatch.com. Базавая праца бясплатная. Код пацьверджаньня пошты часта падае ў спам. Пошта мусіць быць тая, якую вы сапраўды чытаеце: яе бачаць супадзеньні і адміністратар праекта. Скрыня, якую вы адкрываеце раз на год, заяўку хавае гэтак сама надзейна, як закрыты kit.

Пасьля загрузкі набору прысвойваецца Kit Number. Цяпер гэта звычайна дзьве выпадковыя літары і сем лічбаў, напрыклад AB1234567. Захавайце яго. Па новых нумарах нельга зразумець кампанію тэсту. У старых набораў першая літара яшчэ нешта значыла: A — Ancestry, M — 23andMe, T — FTDNA, H — MyHeritage. На новыя гэта не пашыраецца. Кампанію ўсё адно пазначце ў профілі: па ёй людзі шукаюць ваша дрэва на зыходным сайце.

Афіцыйная інструкцыя кажа, што пасьля загрузкі поўная апрацоўка ўсіх функцыяў можа заняць да 24 гадзінаў. Таму няма супадзеньняў праз некалькі хвілінаў — гэта не памылка. Пачакайце. У праект мае сэнс уступаць, калі набор ужо апрацаваны: да гэтага адміністратар ня ўбачыць вас у параўнаньнях, і заяўка будзе пустая.

Паўторна не залівайце файл «таму што супадзеньняў няма». Суткі — нармальны тэрмін. Калі загрузка абарвалася, выдаліце зламаны набор у кіраваньні kit і загрузіце зыходны файл яшчэ раз. Два паўгатовыя наборы самі не склеяцца.

Далей набор трэба падпісаць так, каб зь ім можна было працаваць: профіль, бачнасьць і дрэва.

Уся сэрыя Усе запісы Замовіць стратэгію