Сэрыя. Агляд · 1. Файл · 2. Профіль · 3. Праекты · Выбар · 4. Супадзеньні
Пасьля таго як адміністратар ухваліў заяўку, не трэба проста чакаць новых сваякоў. Лістоў пра сьвежыя супадзеньні GEDmatch не дасылае. Новыя людзі ў сьпісе нейкі час вылучаныя, але калі сьпіс не адкрываць, вы пра іх не даведаецеся. One-to-Many мае сэнс глядзець зноў, калі ў праект хтосьці ўступіў.
Спачатку сьпіс, потым два канкрэтныя наборы
Пачніце з One-to-Many па сваім нумары. Гэты інструмэнт паказвае людзей, у якіх ёсьць DNA similarity з вашым kit. Вынікі сартуюцца па колькасьці агульнай DNA. Зь верхняй часткі сьпісу і варта пачынаць: там найбуйнейшыя супадзеньні, зь імі прасьцей зразумець, ці ёсьць наагул за што зачапіцца.
Агульная колькасьць shared DNA важная. Але для генэалёгіі важна і тое, як гэтая DNA разьмеркаваная па сэгмэнтах. Два чалавекі могуць мець падобную суму і пры гэтым зусім розны характар супадзеньня. Адзін доўгі кавалак і россып кароткіх абрыўкаў — не адна і тая ж гісторыя.
Таму глядзіце:
- колькі сэгмэнтаў;
- якога памеру найбуйнейшы;
- дзе яны ляжаць на храмасоме;
- ці дзеліць іх хтосьці з ужо вядомых сваякоў;
- якія месцы і прозьвішчы стаяць у дрэвах.
Далей пераходзьце да One-to-One. Ён параўноўвае два канкрэтныя наборы і паказвае агульныя сэгмэнты падрабязьней, чым агульны сьпіс. GEDmatch апісвае гэтае параўнаньне асобна менавіта як наступны крок пасьля таго, як цікавае супадзеньне ўжо знойдзенае.
Калі на сайце ёсьць бацька, дзядзька ці ўжо даведзены стрыечны, адкрыйце People who match both or 1 of 2 kits. Агульныя з бацькам супадзеньні адносяцца да яго боку. Гэта карысьней за любы калькулятар этнічнасьці. Чужы адсотак «Baltic / Eastern European» прыход не называе, і разьбіраць яго дзеля генэалёгіі звычайна няма патрэбы.
User Lookup па нумары супадзеньня адказвае на простае пытаньне: ці ёсьць у чалавека GEDCOM і іншыя наборы на тым самым акаўнце. У пошуку запаўняйце адно поле, не ўсе адразу. Іначай інструмэнт часта маўчыць, хоць чалавек на сайце ёсьць.
Сантыморганы: з чаго пачынаць на Палесьсі
Спачатку доўгі сэгмэнт, не сума.
GEDmatch не ўсталёўвае для ўсіх папуляцыяў парог, пасьля якога супадзеньне «сапраўднае». Афіцыйнай адсечкі ў 20, 15 ці 10–12 сМ на сайце няма. Лічбы ніжэй — практычны арыенцір для дасьледаваньня, не правіла плятформы.
У Ўсходняй Эўропе, у адным прыходзе, на Палесьсі, у мястэчку сума сантыморганаў часта набіраецца з кучы кароткіх кавалкаў і сваяцтва не даводзіць. Глядзіце найдаўжэйшы сэгмэнт. Мае сэнс пачынаць з тых, у каго ён ад 20 сМ, потым спускацца да 15. Усё, што трымаецца на абрыўках карацей за 10–12 сМ, у такой населенасьці звычайна не выводзіць на дакумэнт. Парог у 5–6 сМ тут не дапамагае: ён топіць сьпіс, і ў ім ужо не відаць тых супадзеньняў, зь якімі можна ісьці ў архіў.
У іншай папуляцыі і на іншай генэалягічнай адлегласьці арыенцір можа быць іншым. Вырашае не лічба сама па сабе, а сэгмэнт разам з дрэвам, геаграфіяй і другім сваяком, які гэты сэгмэнт дзеліць ці не дзеліць.
Вялікі сэгмэнт яшчэ не называе продку
Гэта важная перасьцярога.
DNA match не кажа: «ваш агульны продак — Іван Пятроў 1842 году». Ён кажа толькі, што ў вас ёсьць генэтычнае супадзеньне. Каб знайсьці канкрэтнага чалавека, трэба злучыць некалькі крыніцаў.
DNA match
↓
агульны сэгмэнт
↓
іншыя супадзеньні, у тым ліку ўнутры праекта
↓
сямейныя дрэвы
↓
прозьвішчы і геаграфія
↓
мэтрыкі, рэвізіі, інвэнтары, перапісы
↓
агульны продак
Менавіта таму DNA і традыцыйная генэалёгія працуюць лепей разам. Сэгмэнт падказвае, якую галіну адкрываць. Дакумэнт называе чалавека.
Калі некалькі людзей маюць агульны сэгмэнт у тым самым месцы храмасомы, гэта называюць трыянгуляцыяй. Яна стварае моцную дасьледчую падказку: участак мог прыйсьці ад аднаго спадкаемнага продку. Аўтаматычным доказам канкрэтнага імя яна не становіцца. Яе ўсё адно трэба класьці побач з дрэвамі і з архівам.
Калі купляць Tier 1
У GEDmatch ёсьць платныя інструмэнты Tier 1: трыянгуляцыя, пошук па сэгмэнце, фазаваньне і іншыя. Сайт апісвае іх як асобны набор, даступны за плату. Купляць іх адразу пасьля загрузкі DNA неабавязкова.
Калі ў вас няма супадзеньняў, няма дрэва, няма лініі, якая цікавіць, і няма другога сваяка для параўнаньня, платная падпіска генэалягічную гіпотэзу не створыць. Сьпіс ад яе не падоўжыцца. Інструмэнты становяцца цікавыя, калі ўжо ёсьць некалькі супадзеньняў з доўгім сэгмэнтам, вядомая геаграфія, сямейнае дрэва і канкрэтнае пытаньне: не «хто я па адсотках», а «гэты сэгмэнт зь якой лініі».
Калі бацька ці маці ўжо загружаныя, напішыце адміністратару праекта абодва нумары і параўноўвайце супадзеньні з бацькоўскім kit. На першым кроку гэта аддзяляе бакі сям’і і часта замяняе фазаваньне, за якое яшчэ рана плаціць.
Як пісаць супадзеньню
Не дасылайце чалавеку:
Hi. We are DNA matches. Who are you?
Хутчэй за ўсё, адказу не будзе. Яму няма за што зачапіцца: ні храмасомы, ні месца, ні прозьвішча.
Дайце кантэкст. Коратка і з фактамі, на мове чалавека. Калі мова няясная — па-ангельску:
Hello!
We have a DNA match on GEDmatch.
My kit: AB1234567
Your kit: CD7654321
We share a segment on chromosome 7,
about 28 cM.
My relevant ancestral line:
Ivan Ivanov, born around 1860,
Pinsk district, Minsk Governorate.
Surnames on this line:
Ivanov, Petrov.
Do you know your oldest ancestors from this region?
Do you have a family tree available?
Так у чалавека ёсьць з чаго пачаць размову: месца, прозьвішчы і канкрэтны сэгмэнт, а не просьба расказаць усю біяграфію.
І запішыце вынік так, каб да яго можна было вярнуцца:
DNA → сэгмэнт → супадзеньні → агульны рэгіён → прозьвішча → дакумэнты → меркаваны агульны продак.
Фраза «здаецца, гэта сваяк» праз месяц ужо няма чаго правяраць.
Што часьцей за ўсё зьнішчае карысьць
Да гэтага моманту набор ужо мусіць быць запоўнены. Калі супадзеньні ёсьць, а толку няма, прычына звычайна адна з гэтых:
- Private ці Personal Research. Іншыя генэалёгі не могуць выкарыстоўваць такі kit у звычайным пошуку. Для праекта гэта пустая заяўка.
- Аліяс без прозьвішча і месца.
DNA123не дапамагае знайсьці вашу сям’ю. - Адна краіна замест павету.
Belarusгорш, чымPinsk district, Minsk Governorate. - Заяўка без лініі.
I am from Belarusне кажа, хто менавіта ваш продак. - Няправільны пол. Асабліва непрыемна, калі справа даходзіць да X-DNA.
- Другі раз загружаны той самы DNA. Продкаў ад гэтага не прыбаўляецца.
- Дрэва без месцаў ці дрэва, дзе жывыя выгружаныя як ёсьць.
- Чаканьне ідэальнага дрэва. Уступаць можна з трыма вядомымі продкамі і добрай геаграфіяй.
Поўны чэк-ліст наладкі ляжыць у аглядзе сэрыі.