Heritavia · Нататкі

Продкі ў сьпісах выбарцаў 1935 і 1938 гадоў

Калі вашыя продкі жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны пэрыяд, зьвярніце ўвагу на дакумэнты польскага часу — асабліва на сьпісы выбарцаў у Сейм Польшчы.

Калі вашыя продкі жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны пэрыяд, зьвярніце ўвагу на дакумэнты польскага часу, асабліва на сьпісы выбарцаў у Сейм Польшчы за 1935 і 1938 гады.

Гэта дадатковая крыніца для генэалягічнага пошуку, пра якую ведаюць далёка ня ўсе.

Што можна знайсьці?

У залежнасьці ад канкрэтнага дакумэнту ў сьпісах сустракаюцца:

  • прозьвішча і імя;
  • дата або год нараджэньня;
  • прафэсія;
  • месца жыхарства.
Старонка сьпісу выбарцаў: прозьвішчы, гады нараджэньня, занятак «rolnik» і адрасы ў вёсцы Юрышкі
Прыклад сьпісу выбарцаў (друк павятовага аддзелу ў Маладэчне, 1935). У слупках — прозьвішча і імя, год або ўзрост, прафэсія, месца жыхарства і пазнака пра пражываньне ў акрузе з нараджэньня.

Па такіх запісах можна ўсталяваць, што чалавек жыў у пэўным населеным пункце ў 1930-я гады, а потым працягнуць пошук па іншых архіўных крыніцах.

Важна ўлічваць: гэта не перапіс насельніцтва. У сьпісы траплялі людзі, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах, таму далёка ня ўсе жыхары вёскі ці места будуць там указаныя.

Дзе шукаць дакумэнты польскага пэрыяду?

Дакумэнты 1919–1939 гадоў па тэрыторыях, што ўвайшлі ў склад міжваеннай Польшчы, варта шукаць у наступных архівах Беларусі.

1. Берасьцейскі абласны архіў

Дакумэнты па Палескім ваяводзтве, у тым ліку матэрыялы па асобных паветах Берасьцейскай, Пінскай, Кобрынскай і іншых тэрыторый.

2. Горадзенскі абласны архіў

Дакумэнты па асобных тэрыторыях Беластоцкага і Наваградзкага ваяводзтваў, у тым ліку па Горадні, Наваградку і некаторых паветах.

3. Занальны дзяржаўны архіў у Маладэчне

Дакумэнты па тэрыторыях Віленскага ваяводзтва і асобных частках Наваградзкага ваяводзтва, у тым ліку матэрыялы па Валожынскім павеце.

Захаванасьць дакумэнтаў залежыць ад канкрэтнай мясцовасьці, павету, году і выбарчай акругі. Перад замовай пошуку варта ўдакладніць, ці захаваліся сьпісы менавіта па патрэбным населеным пункце. Зьвесткі пра склад фондаў і захаваныя сьпісы прыведзеныя таксама ў даведачным матэрыяле пра польскія выбарчыя дакумэнты.

Як шукаць свайго продка?

  1. Вызначце населены пункт, дзе жыла сям’я ў 1930-я гады.
  2. Удакладніце, да якога ваяводзтва і павету ён адносіўся.
  3. Знайдзіце архіў, у якім могуць захоўвацца сьпісы за 1935 або 1938 год.
  4. Праверце прозьвішча, варыянты яго напісаньня, імёны сваякоў і адрасы.
  5. Супастаўце знойдзеныя зьвесткі з мэтрыкамі, перапісамі, дакумэнтамі пра нараджэньне і шлюб.

Парада: калі ў сьпісе выявіўся адзін прадстаўнік сям’і, праверце, ці не жылі побач іншыя сваякі. Часам такія дакумэнты дапамагаюць аднавіць сямейныя сувязі і вызначыць, дзе шукаць наступныя пакаленьні.

Не абмяжоўвайцеся мэтрычнымі кнігамі і савецкімі перапісамі. Дакумэнты польскага пэрыяду таксама могуць стаць важнай часткай вашай радаслоўнай.

Усе нататкі Замовіць стратэгію
15 хвілін бясплатна — сазвон або перапіска